ПЕРГА́МСКАЕ ЦА́РСТВА, Пергам (грэч. Pergamos),
старажытная дзяржава ў паўн.-зах. частцы М. Азіі (283—133 да н.э.) з цэнтрам у г. Пергам (адсюль назва). Засн. грэкам Філетэрам — пачынальнікам дынастыі Аталідаў — правіцеляў П.ц. Насялялі царства мясц. плямёны (місійцы, масдыёны, пафлагонцы), а таксама грэкі і македонцы. Яго эканам. ўздыму спрыялі прыродныя багацці (лес, мармур, руды), зручнае геагр. становішча на ўзбярэжжы Міжземнага м. Найб. росквіту дасягнула пры Эўмене I [263—241 да н.э.] і Эўмене II [197—159 да н.э.[. П.ц. падтрымлівала добрыя адносіны з Егіптам, ваявала з Галатыяй, Македоніяй, дзяржавай Селеўкідаў. Саюзнік Рыма ў 2-й Македонскай (200—197 да н.э.) і Сірыйскай (192—188 да н.э.) войнах, за што атрымала Херсанес, Лідыю, Фрыгію, ч. Карыі і Памфіліі, некаторыя грэч. гарады М.Азіі. З узмацненнем рым. ўплыву паступова страціла самастойнасць. У 133 да н.э. цар Атал III завяшчаў царства Рыму, чым забяспечыў свабоду некаторым яго гарадам і ў першую чаргу сталіцы. У 133 (ці 132 да н.э.) у П.ц. адбылося антырым. паўстанне пад кіраўніцтвам Арыстоніка. Пасля яго задушэння (129 да н.э.) П.ц. стала рым. правінцыяй Азія.
т. 12, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)